«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.Хадкевічам.
Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.
В.Ф.Шматаў.
т. 6, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)